ПРЫКЛАДНА́Я ЛІНГВІ́СТЫКА,

раздзел мовазнаўства, які распрацоўвае метады рашэння практычных задач, звязаных з выкарыстаннем мовы. Традыц. кірункі П.л. — стварэнне граматык і слоўнікаў, навучанне мове, дэшыфроўка стараж. помнікаў на незнаёмых відах пісьма, устанаўленне аўтарства і часу напісання тэкстаў без выходных звестак, стварэнне штучных моў для інтэрнац. зносін разнамоўных людзей, распрацоўка алфавітаў, сістэм графікі для непісьменных моў і інш. У сувязі з камп’ютэрызацыяй інтэлектуальнай дзейнасці надзённай з’яўляецца аўтаматызацыя некат. відаў разумовай працы людзей, што немагчыма без усебаковай матэм. апрацоўкі і статыстычнай параметрызацыі мовы для машыннага перакладу з адной мовы на другую, аўтам. рэферыравання і анатавання пісьмовых тэкстаў, складання канкардансаў і інш. П.л. карыстаецца дасягненнямі матэматычнай лінгвістыкі, структурнай лінгвістыкі, інжынернай, камп’ютэрнай і традыц. лінгвістыкі для практычных патрэб, у першую чаргу для хуткай апрацоўкі і аналізу інфармацыі. Аўтам. апрацоўка пісьмовых тэкстаў на натуральных мовах вымагае іх строгага фармальнага апісання. Для гэтага праводзіцца шматаспектны аналіз мовы з дапамогай матэм. працэдур, ствараюцца штучныя мовы (напр., алгол, кабол, сінтол, фартран і інш.) для зносін у сістэме чалавек — машына (ЭВМ, АСУ, камп’ютэр і інш.), складаюцца частотныя, адваротныя слоўнікі, тэзаўрусы і інш. лексікаграфічныя працы. На Беларусі праблемы П.л. даследуюцца ў Нац. АН Беларусі, БДУ, Мінскім лінгвістычным і Гродзенскім ун-тах, у навукова-ведамасных установах на матэрыяле пісьмовых тэкстаў і шляхам аналізу вуснага маўлення.

Літ.:

Тайны древних письмен: Пробл. дешифровки: Пер. с англ., нем., фр. и итал. яз. М., 1976;

Новое в зарубежной лингвистике. Вып. 12. Прикладная лингвистика. М. 1983;

Мартынов В.В. Универсальный семантический код: УСК-3. Мн., 1984;

Совпель И.В. Инженерно-лингвистические принципы, методы и алгоритмы автоматической переработки текста. Мн., 1991;

Прикладное языкознание. СПб., 1996.

Б.​А.​Плотнікаў.

т. 13, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)